мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная з улікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.
У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн. від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл.Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл.Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.
Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл.Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 109—1011К і шчыльнасці масы-энергіі 1094г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасці інш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10−31г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн.км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс.км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.
Літ.:
Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;
Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ.М., 1988;
Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;
Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.
А.І.Болсун, У.М.Сацута.
Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).